🪖 Заснавальніка баранавіцкай газеты «Шаг» Анатоля Вайцяхоўскага асудзілі на чатыры гады «хатняй хіміі»
Заснавальніка баранавіцкай газеты «Шаг» Анатоля Вайцяхоўскага асудзілі на чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пра прысуд паведамілі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала «Першы інфармацыйны», піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Вайцяхоўскага прызналі вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «заклікі да санкцый», «паклёп на Лукашэнку», «абразу Лукашэнкі» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
У ліпені 2026 года мужчыну ўключылі ў пералік «экстрэмістаў» МУС, пазней — у спіс «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Аднак 1 кастрычніка яго імя з абноўленага спісу КДБ выдалілі.
Анатоль Вайцяхоўскі жыў у Баранавічах і ў сярэдзіне 1990-х стаў адным з заснавальнікаў мясцовай газеты «Шаг» — адной з першых прыватных газет горада. Яе наклад у свой час дасягаў 11 тысяч асобнікаў. У пачатку 2000-х Вайцяхоўскі сышоў з журналістыкі і заняўся прадпрымальніцтвам.
У 2023 годзе яго затрымаў ГУБАЗіК з-за каментароў у Telegram супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў. Пасля вызвалення Вайцяхоўскі выехаў з Беларусі і жыў у Беластоку.
У пачатку 2026 года ён вярнуўся ў Беларусь праз камісію па вяртанні. Пазней Вайцяхоўскі таксама зняўся ў прапагандысцкім фільме.
Post #45068
110

- ❤ 2
- 🤯 1