⚡️ 28 верасня 1932 года ў вёсцы Стайкі (цяпер🦬 Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці) нарадзіўся Дзмітрый Арцыменя — савецкі і беларускі партыйны і палітычны дзеяч, які дзесяць гадоў узначальваў Гродзенскі аблвыканкам.
У няпоўныя 15 гадоў Арцыменя пайшоў працаваць на Баранавіцкі рамонтна-механічны завод. У 1953 годзе скончыў Пінскі гідратэхнікум і стаў старшым раённым меліяратарам у Зэльве. Там яго абралі спачатку другім, а пасля першым сакратаром райкама камсамола.
У 1960 годзе Арцыменю накіравалі ў Мінскую партыйную школу, якую ён скончыў праз чатыры гады. Пасля пераехаў у Свіслач, дзе ўзначаліў райвыканкам, а затым стаў першым сакратаром Астравецкага райкама партыі.
У ліпені 1977 года яго прызначылі намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама.
У кастрычніку 1983 года Арцыменя ўзначаліў аблвыканкам. Ён захаваў гэтую пасаду і пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, а пасяджэнні праводзіў па-беларуску. Арцыменя быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання і разглядаўся як адзін з магчымых кандыдатаў на пасаду яго старшыні замест Станіслава Шушкевіча. Ён таксама быў ініцыятарам стварэння еўрарэгіёна «Нёман».
20 верасня 1993 года Арцыменю застрэлілі на ганку ягонага дома на вуліцы Астроўскага ў Гродне. Стрэл трапіў у сэрца. Забойства так і не раскрылі. Сярод версій была і тая, што яно магло быць звязанае з разборкамі з расійскай мафіяй.
Арцыменю называлі «чырвоным памешчыкам» і казалі, што ён любіў уладу.
Паводле адной з ацэнак, ён лічыў, што беларускую эканоміку трэба арыентаваць на Расію, а апазіцыйныя рухі, партыі і недзяржаўныя СМІ — трымаць «цвёрдай рукой».
Post #44927
89

- ❤ 1