TGViewer
Bel ISLAM - Рэлігійны мусульманскі партал (رعلاىغاىيناء موصوڵمآنصقاى پآرطآل) Bel ISLAM - Рэлігійны мусульманскі партал (رعلاىغاىيناء موصوڵمآنصقاى پآرطآل) @belislam · 65 subscribers
Post #16 420
Іслам па-беларуску — быў і ёсьць.

На хвалях ідэалягічных і міжнародных канфліктаў сярод беларусаў у апошні час нярэдка ўздымаецца ісламафобія.

Пад уплывам розных падзеяў іслам пачынае асацыявацца або з непрыемнымі для кагосьці напрамкамі разьвіцьця на Захадзе, або з таксама непрыемнымі для кагосьці рэжымамі на Ўсходзе.

Фармуецца такое стаўленьне, што як у першым, так і ў другім выпадку іслам зьяўляецца для Беларусі і беларусаў чымсьці варожым і нібыта як чужая рэлігія непатрэбным.

Аднак для Літвы-Беларусі іслам — гэта не заходні мультыкультуралізм і не нейкі іншы ўсходні «ізм», але неад’емная частка яе гістарычнай і культурнай традыцыі. Сёньня часта кажуць пра гістарычную прысутнасьць у Літве-Беларусі юдаізму і носьбітаў яго лакальнай традыцыі — літвакоў. Што праўда, але пры гэтым усё ж такі гэтая традыцыя не існавала па-беларуску, тады як па-беларуску існаваў іслам.

Кожны адукаваны і нацыянальна сьвядомы беларус павінен ведаць і пра тое, што апроч кірылічнага і лацінскага альфабэту ў беларусаў існуе ўласная арабіца, і пра тое, як менавіта ісламская літаратура па-старабеларуску, запісаная арабіцай, паўплывала на разьвіцьцё старабеларускай пісьменнасьці і захаваньне ў ёй адметных рысаў жывой народнай мовы.

Адбылося гэта таму, што нашчадкі татар, якім Вітаўт дазволіў пасяліцца ў Літве-Беларусі і практыкаваць іслам, масава бяручы шлюбы з беларускамі, у наступных пакаленьнях лінгвістычна і генэтычна беларусізаваліся, пры гэтым захоўваючы сваю веру — іслам і разьвіваючы яе па-беларуску. Менавіта праз гэта вядомы беларускі асьветнік і нацыянальны адраджэнец Ян Станкевіч лічыў іх мусульманскай часткай беларускага народу — беларускімі мусульманамі.

Савецкая нацыянальная палітыка ў ХХ стагодзьдзі выразна абмежавала беларускае нацыянальнае разьвіцьцё як у тэрытарыяльным і культурным, так і ў рэлігійным дачыненьні, нацыянальна абасобіўшы ад беларускай нацыі мясцовых мусульманаў (гэтаксама як і тутэйшых каталікоў адштурхоўвалі ў палякі).

Але сёньня беларусы маюць права не толькі адраджаць сваю спадчыну ва ўсіх яе разнастайных праявах. Да таго ж у будучыні Беларусь, якая захоча быць геапалітычным гульцом, будзе зацікаўленая ў адносінах з мусульманскімі народамі і краінамі Ўсходняй Эўропы, Каўказу, Малой Азіі і Блізкага Ўсходу. Апроч таго, ва ўмовах, калі ў Беларусь пачынаюць міграваць іншаземныя мусульмане (што не залежыць ад мясцовых мусульманаў), нельга дазволіць, каб яны ігнаравалі шматвяковую мясцовую ісламскую спадчыну і ўспрымалі Беларусь як terra incognita, у якую яны прынясуць іслам.

Улічваючы ўсё гэта, каманда праекту BelIslam вырашыла стварыць сайт і аплікацыю (пакуль для андроідаў), каб спрыяць адраджэньню і разьвіцьцю ў новых умовах ісламу на грунце беларушчыны — лінгвістычнай і гістарычнай.

Ці падабаецца гэта камусьці, ці не, але ў беларускай прасторы мусульмане — гэта не толькі мігранты, але і яе аўтахтоны: як нашчадкі карэнных літоўска-беларускіх мусульманаў (ліпкаў), так і беларусы, якія прымаюць іслам. А яны ёсьць — гэтаксама, як і беларусы, якія становяцца пратэстантамі, будыстамі і г. д.

Таму каманда праекту BelIslam прапаноўвае свой сайт і аплікацыю ня толькі беларускамоўным мусульманам, але і ўсім беларусам, якім цікава знаёміцца з тэкстамі і мясцовай культурнай традыцыяй сусьветнай рэлігіі на роднай мове.

Пішыце нам, калі ёсьць пытаньні: belarus.islam@gmail.com

Увага: праект не накіраваны на палітычную дзейнасьць і не зьвязаны з дэструктыўнымі замежнымі суполкамі.

Facebook: https://www.facebook.com/share/1AFWd2fW6B/
Веб-сайт: https://www.belislam.xyz
X: https://x.com/belarusislam
Telegram: https://t.me/belislam

✍️ Звязацца з намі (صوْيآزآڄڄآ ز نآماى): @belislam_bot
  • ❤ 4
  • 👍 3
  • 🔥 2
  • 🤪 1
More from @belislam
  1. Oct 2, 2026🕌 Пятнічны аят: Скажы: «Ён – Аллаг – Адзіны! Аллаг – Самадастатковы Не нарадзіў Ён і не б…
  2. Oct 1, 2026Вельмі вядомы дзеяч у інтэрнетавым полі нядаўна выклікаў скандал сваімі заявамі. Мы не буд…
  3. Sep 30, 2026Іслам - рэлігія ад Госпада. Людзі аднак баяцца хаосу й невядомасьці. Таму Стваральнік міро…
  4. Sep 28, 2026Кожная эўрапэйская мова, уключаючы беларускую, узаемнічала замежныя словы з грэцкай, латын…
  5. Sep 27, 2026На сайт былі дададзены новыя хамаілы. Заўвага: не ўсе хамаілы дыгіталізаваны ў тэкставы фа…
  6. Sep 25, 2026🕌 Пятнічны аят: Няўжо яны бяруць сабе памагатых заміж Яго? Аллаг – Абаронца; Ён адраджае…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →